КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА. З ЧАГО СКЛАДАЕЦЦА І ЯК ПРАЦУЕ
Другі склад Каардынацыйнай рады гэтымі днямі рыхтуецца да поўнага запуску. Завяршаецца канчатковае рэгуляванне правілаў, па якіх неўзабаве пачнуць працаваць сябры КР.
Прапануем кароткі агляд пра тое, з якіх органаў складаецца структура КР і як яны функцыянуюць.
Агульнае паседжанне. У Агульным паседжанні на бягучы момант — 115 дэлегатаў КР. Падчас правядзення Агульнага паседжання прымаюцца канчатковыя рашэнні ад імя КР па ўсіх пытаннях, якія знаходзяцца ў рамках кампетэнцый КР.
Праводзіць Агульнае паседжанне спікер КР Андрэй Ягораў. Апроч гэтага, у функцыі спікера ўваходзіць прадстаўленне Каардынацыйнай рады ва ўсіх адносінах з партнёрамі, контрагентамі і шырокай грамадскасцю. Калі спікер не можа выконваць свае абавязкі, гэта робіць віцэ-спікерка КР Алена Жываглод.
Для эфектыўнай працы сябры КР падзяляюцца па наступных накірунках:
Тэматычны. Гэта працоўныя групы і камісіі. У іх сябры КР працуюць над канкрэтнымі пытаннямі і па канкрэтных тэмах (дапамога палітзняволеным, узаемаадносіны з Украінай і г. д.). Розніца між працоўнымі групамі і камісіямі у тым, што пасля выканання ўсіх свах задач група спыняе дзейнасць, камісіі ж працуюць стала.
Палітычны. Гэта фракцыі. У іх сябры КР аб'ядноўваюцца па падабенству палітычных пазіцый, агульных прынцыпах і ідэялагічных поглядах. На сёння ў КР зарэгістраваныя 7 фракцый.
Аператыўнае кіраўніцтва Каардынацыйнай радай ажыццяўляе Нарада фракцый. Яна складаецца з аднаго з прадстаўнікоў кожнай фракцыі, спікера і кіраўніка Сакратарыята (адзначым, што апошні не мае права голасу). У гэтым органе вырашаюцца аператыўныя пытанні і прапрацоўваецца парадак дня агульных паседжанняў.
Яшчэ адзін орган КР – Сакратарыят. Ён адказвае за тэхнічнае забеспячэнне працы КР.
Дэталёва са структурай і правіламі працы КР можна азнаёміцца ў апублікаваным Статуце КР.
>>Click here to continue<<
