У КР пачалі вылучацца фракцыі
Учора на паседжанні Каардынацыйнай рады былі прадстаўлены восем фракцый. Падзяленне і склад фракцый пакуль неканчаткова сфармаваныя. Коратка раскажам, што гэта за фракцыі і якія ў іх асноўныя ідэі.
— «Грамадзянская салідарнасць», прадстаўляў Павел Патапаў. Асноўная ідэя, вакол якой сабралася фракцыя апісвалася як «дэсаветызацыя, беларусізацыя, еўрапеізацыя», а сярод важных мэтаў называлася наладжванне ўзаемадзеяння з Украінай.
— «Фракцыя адказнага партнёрства», прадстаўляў Міхаіл Рубін. Асноўныя ідэі: публічнасць і адкрытасць, супраца з Аб’яднаным пераходным кабінетам і офісам Святланы Ціханоўскай, ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі без саступак.
— «Моладзевая фракцыя», прадстаўляла Аліна Харысава. Аб'ядноўвае не толькі дэлегатаў да 35 гадоў, але і тых, чые арганізацыі скіраваныя на моладзь. Сярод прыярытэтаў: інтарэсы і патрэбы моладзі, пашырэнне доступу моладзі да адукацыі, пашырэнне сувязяў моладзі з рынкам працы.
— «Наша справа», прадстаўляў Віталь Рымашэўскі. Асноўныя ідэі: сацыяльныя пытанні, важныя для большасці ў Беларусі, санкцыі для рэжыму і супраць стварэння «жалезнай заслоны» для простых беларусаў.
— «Еўрапейская перспектыва Беларусі», прадстаўляў Валерый Мацкевіч. Асноўныя ідэі: недапушчэнне вяртання да дыктатуры пасля змены ўлады, ператварэнне «Люблінскага трыкутніка» (Літва, Польшча, Украіна) у чацвёрку з удзелам Беларусі, інтэграцыя Беларусі ў NATO і Еўразвяз, а таксама мабілізацыя актыўнага грамадзянскага супраціву ў Беларусі ў дапамогу Украіне.
— «Happy Nation» або «Шчаслівая нацыя», прадстаўляла Вольга Кавалькова. Місія фракцыі — асвета, гуманізм і еўрапейская будучыня Беларусі. У аснове чалавек з яго патрэбамі, правамі і свабодамі. Фракцыя прапануе вырашэнне сучаснага крызіс праз нацыянальны дыялог, а таксама бачанне новай Беларусі, у аснове якога развіццё чалавечага капіталу.
— «Грамадзянскае дзеянне», прадстаўляла Галіна Мацюшына. Асноўная ідэя: еўраатлантычны выбар Беларусі, але супраць кантролю Беларусі іншымі дзяржавамі, за кансалідацыю пры праве на крытыку і супраць аспрэчвання лідарства Ціханоўскай.
— «Адзінства па-над межамі», прадстаўляла Надзея Нортан. Па сутнасці, фракцыя дыяспараў. Асноўныя ідэі: ціск на рэжым, гарызантальныя сувязі між дыяспарамі, падтрымка мовы і ідэнтычнасці беларусаў за мяжою.
Як праходзіла прэзентацыя фракцый, чытайце па спасылцы.
>>Click here to continue<<